Беларуская Служба

СААЗ: Шум у вялікіх гарадах скарачае наша жыццё на 10 гадоў

18.10.2024 07:40
Хранічнае недасыпанне і стома адбіваецца на прадукцыйнасці працы, уздзейнічае на ўзаемную добразычлівасць а нават уплывае на хатні гвалт.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Mimzy/pixabay.com/CC0 Public Domain

Апошняя справаздача Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) паказвае, што шум у вялікіх гарадах скарачае наша жыццё на 10 гадоў. Шум таксама можа стаць прычынай многіх захворванняў, такіх як сардэчна-сасудзістыя захворванні, дэпрэсія, празмерная нервовасць, бяссонніца, і нават можа прывесці да павышэння ўзроўню агрэсіўнасці. У Еўропе, па меншай меры, 100 мільёнаў чалавек знаходзяцца пад пагрозай празмернага гарадскога шуму.

Шум днём і ноччу надакучае таксама жыхарам Варшавы. Член Рады Варшавы Ян Мэнцвэль з Аб’яднання «Наш горад» лічыць, што неабходна ўводзіць новыя правілы ў абарону насельніцтва.

— Мы ідэнтыфікавалі некалькі крыніц шуму. Адна з іх — гэта нелегальныя начныя аўтамабільныя гонкі і гонкі на матацыклах. Гэтая праблема назіраецца амаль у кожным раёне Варшавы і не дае жыхарам спакойна спаць.

З гэтай праблемай мы павіны справіцца праз увядзенне новых юрыдычных правіл — арганізацыя нелегальных гонак павінна быць ўнесена ў лік крымінальных злачынстваў.

Саветнік гарадской рады Марта Шчэпаньска з Аб’яднання «Наш горад» мяркуе, што вырашэннем праблемы празмернага шуму мусяць займацца муніцыпальныя ўлады і ўрад краіны.

— Улады не пакідаюць жыхароў з гэтай праблемай і не абмяжоўваюцца рэкамендацыямі кшталту «ставіць патройнае шкло ў шклопакеты». Юрыдычную аснову забяспечваюць палажэнні мясцовага права аб нормах шуму і агульныя меры з паліцыяй па супрацьдзеянні звышнарматыўнаму ўзроўню транспартнага шуму.

Адвакат Агата Рэверска звяртае ўвагу на наступствы празмернага шуму.

— Не існуе палажэння, якое непасрэдна тычыцца шуму, аднак ёсць  правілы, якія абараняюць цішыню ноччу і хатні спакой. Празмерны шум нясе пагрозу здароўю і жыццю чалавека. Хранічнае недасыпанне і стома вялікай групы людзей адбіваецца на прадукцыйнасці працы, уздзейнічае на ўзаемную добразычлівасць а нават уплывае на хатні гвалт. Гэтыя наступствы шырока пакуль не абмяркоўваюцца, але яны задакументаваныя.

Сярод польскіх гарадоў найбольш шумна ў Глівіцах, Хожаве і Шчэціне — там узровень шуму перавышаны амаль на 10 працэнтаў. У Варшаве перавышэнне вагаецца ад 3 да 5 працэнтаў, а цішэй за ўсё ў Торуні і Ольштыне. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, людзі не павінны знаходзіцца ў асяроддзі, дзе ўзровень шуму вышэй за 60 дэцыбел.

Яцэк Фрэнцэль/яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка